lucida momenta
Владимир Парфенок
индекс
биография
публикации
фотографии
ссылки
контакт
english
публикации
валерий лобко. портфолио владимира парфенкагрант кестэр. погляд з захаду (бел.)валерий стигнеев. новая волна в фотографии россии и беларусивалерий лобко. фотография из беларусинадзея кароткіна. новая беларуская фатаграфія (бел.) надзея кароткіна. lucida momenta (бел.) дмитрий король. заметки на краях листа фотобумаги

беларуская фатаграфія: новыя рысы знаёмых твараў
тэкст: надзея кароткіна (
1994)

артыкул для каталога выставы "Nowa Fotografia Bialoruska" ("Новая беларуская фатаграфія") у Дзяржаўнай мастацкай галерэі г. Сопат (Польшча, 1994)

 

Творчая фатаграфія Беларусі вельмі маладая. Яна пакуль яшчэ не ўмудроная каласальным досьведам выяўленчага мастацтва ўвогуле і фатаграфічнага мастацтва ў прыватнасьці. He ўмудроная, аднак і не абцяжараная, таму што ў гэтай "цнатлівасьці" ёсьць тая чысьціня, якая дазваляе адчуць характэрныя асаблівасьці сьветаўспрыманьня фотамастакоў, што жывуць і твораць тут, на Беларусі.

Беларусь -- ціхі і цярплівы край. Гэтую цішыню нараджае сама Прырода -- някідкая, але надзвычай лірычная. Цярплівасьці ж нас навучыла складаная ды супярэчлівая гісторыя. Магчыма, у гэтым беглым накідзе, зробленым мною, вы здолееце знайсьці вытокі той самапаглыбленай сузіральнасьці, якая так уласыцва нашаму фотамастацтву. Вы не ўбачыце ў ім феерверку эмоцый, шумнай балаганнасьці, тэатральна надрыўных страсьцей. Фатаграфія, народжаная на Беларусі, хутчэй "разважае", чым "дзейнічае": яна аналізуе жыцьцё, паглыбляючыся ў саму сябе. Яна і мудрая, і інтэлектуальная ў сваёй рэфлексіўнасьці. І разам з тым -- безабаронная і амаль што па-дзіцячаму шчырая. Спадзяюся, што мне ўдасца пераканаць вас у гэтым, пазнаёміўшы з тымі аўтарамі, якія прадстаўляюць сёньня творчую фатаграфію Беларусі.

Імкненьне да чысьціні выяўленчай мовы фатаграфіі аб'ядноўвае фотамастакоў Віктара Каленіка (нар. 1962) і Аляксандра Угляніцу (нар. 1958). Іх вабіць унікальнасьць, непаўторнасьць зьнятага імгненьня. 3 прычыны вычарпальнага разьвіцьця вобраза ўнутры кожнага кадра іхнія работы часьцей усяго не кампануюцца ў серыі, а ўяўляюць сабой самастойную мастацкую каштоўнасьць.

Кампазіцыі А. Угляніцы не варта ўспрымаць па-за сацыяльна-часавым кантэкстам. Непаўторнасьць Адышоўшага, што перадаецца праз трапна заўважаныя дэталі, напаўняе ягоныя здымкі асаблівым сэнсам. Пры вонкавай сьціпласьці ў фатаграфіях А. Угляніцы прысутнічае імгненная, часам настальгічная прыгажосьць незваротнага моманту, эстэтыка стыхійнай гульні формы ў прасторы.

В. Каленік нешматслоўны і аскетычны ў выбары выяўленчых сродкаў. "Я -- аб'ектыў -- аб'ект" -- гэта ўмоўная формула, думаецца, дастаткова поўна характарызуе крэда мастака. Аўтар пазьбягае ўжываньня колеру і празьмернасьці тэхнічных прыёмаў і імкнецца да самадастатковасьці чорна-белай фатаграфічнай выявы.

У зьмесьце ананімных, ужо выканаўшых сваё асноўнае прызначэньне негатываў Сяргей Кажамякін (нар. 1956) убачыў алегорыю ўдушлівай абалонкі, якая навязваецца асобе соцыумам. Нязграбны, штучны антураж для салоннай здымкі дзяцей напаўняецца вострым сацыяльна-псіхалагічным падтэкстам у яго серыі "Дзіцячы альбом". Дзіўная гульня, што навязаная дарослым не менш дзіўным сьветам, -- якія ж яе правілы? Чым больш дарослым становіцца чалавек, тым больш зразумелымі яму робяцца гэтыя правілы. Абалонка пачынае быць часткай "я", пачынае дыктаваць паводзіны, а потым і ўчынкі. Серыя ўзрушвае страшэннай здагадкай: гэтыя фатаграфіі -- усяго толькі маленькая дэталь каласальнага механізму, які кіруе абсурдным карнавалам, штоі зьнішчае ego. Натхнёныя, непасрэдныя дзіцячыя твары ў танным, безгустоўным абрамленьні аднаго і таго ж (!) касьцюма ствараюць уражальны зборны вобраз грамадства, паказваючы яго гледачу ў нечаканым ракурсе.

У тэме салоннай здымкі, такой на першы погляд банальнай, С. Кажамякін чэрпае ўсё новыя і новыя ідэі. Знаходзячыся ўбаку ад працуючага ў салоне фатографа, здымаючы паралельна, але не заўсёды адначасова з ім, аўтар дасьціпна і ў поўнай ступені іранічна распавядае нам пра стракаты сьвет бутафорскай "раскошы", пасярод якой усім вельмі карціць выглядаць асьляпляльна-шчасьлівымі. Унікальнымі зьяўляюцца моманты падрыхтоўкі да здымкі, калі персанажы яшчэ не "зьліліся" з дэкарацыяй, а толькі асвойваюць гэты "кардонны рай", застаючыся самімі сабою яшчэ некалькі секунд. У сваіх работах С. Кажамякін пасьпяхова дасягае сінтэзу аб'ектыўнай рэальнасьці і вострага суб'ектыўнага назіраньня, даючы гледачу рэдкую магчымасць глянуць вачыма рэжысёра на эклектычны сьпектакль штодзённасьці.

3 нябачных ніцей дзіцячых уражаньняў саткана серыя Галіны Маскалёвай (нар. 1954) "Успаміны дзяцінства". У нашым неадольным імкненьні свабодна перамяшчацца ў Часе фатаграфія -- адзін з тых нешматлікіх спосабаў, якія дапамагаюць гэта рабіць. Трэба толькі знайсьці ў самім сабе адпаведны "ключ", які згубіўся недзе ў глыбінях "дарослай", "правільнай" сьвядомасьці. І мастачка знаходзіць яго. 3 уласьцівай ёй стыхійнасьцю і эмацыянальнасьцю яна расчляняе прастору фотаздымка пры дапамозе мультыплікаваньня выявы, ствараючы такім чынам быццам бы саму матэрыю ўспамінаў. Аўтарка выразна перадае працэс Пераадоленьня Часу і ачышчэньня ад усяго выпадковага, другаснага, надаючы асаблівую каштоўнасьць кожнай дэталі.

Спантаннае, незапраграмаванае жыцьцё колеру прыдае работам гэтага цыкла тую долю ірацыянальнага, якая адухаўляе іх і напаўняе экспрэсіяй. У гармоніі фрагмента і цэлага, колеру і манахромнай паверхні Г. Маскалёва знаходзіць тую містычную мяжу, якая, адлучаючы, яднае нас з беззваротна Мінулым, што непазьбежна сустрэне нас заўтра ў сваім новым абліччы.

Работы Аляксея Паўлюця (нар. 1958) падпарадкоўваюцца своеасаблівай і цяжка зразумелай формуле, якая ў стане пераўтварыць неадушаўлёны аб'ект здымкі ў субстанцыю, здольную мысьліць і адчуваць. Намагаючыся разгадаць гэтую формулу, я раптам адкрываю для сябе, што аўтар здымае не столькІ прадмет, колькі ягонае дзеяньне. Менавіта ў гэтым бачыцца мне сакрэт той прыцягальнай парадаксальнасьці, якая прысутнічае ў работах гэтага мастака. У скрытым сутыкненьні статычнай прасторы і ўнутранай напружанасьці сфатаграфаванага прадмета ёсьць, на мой погляд, намёк на тонка адрэжысіраванае дзеяньне, дзе аб'ект -- будзе гэта аморфнае сьвячэньне альбо нейкае геаметрычнае цела -- бездакорна падпарадкоўваецца волі аўтара.

Вытанчаная гульня інтэлекту здабыла жыцьцё ў новых серыях Уладзіміра Парфянка (нар. 1958). Ягоныя работы -- гэта заўсёды роздум, глыбокі аналіз прыроды чалавечага ўспрыманьня і, перадусім, -- асэнсаваньне асабістага ўспрыманьня свету.

"La musique savante manque a notre desir" ("Дзіўнай мелодыі не стае нашым жаданьням") -- гэтыя словы Арцюра Рэмбо (Arthur Rimbaud) не толькі назва адной з кампазіцый аўтара. На маю думку, яны дакладна характарызуюць пошук эмацыянальнага зьместу ў творчасьці У. Парфянка. Сэнс гэтага радка тактоўна вызначае той шлях, які павінна прайсыці нашае ўяўленьне, каб дасягнуць канчатковай мэты -- пранікненьня ў сутнасьць твораў гэтага мастака. Аўтар шукае дзіўную мелодыю ў штодзённым і знаходзіць яе ў звычайных рэчах, выводзячы іх абрысы за межы павярхоўнай. лапідарнай пазнавальнасьці. Такая недамоўленасьць неадольна вабіць нас, выклікаючы тонкія асацыяцыі з перажытым эмацыянальным вопытам. Мастак усьвядомлена ігнаруе рэзкасьць выявы, дасягаючы гэтым у нейкай ступені ізаляванасьці, абароненасьці фатаграфіі ад грубага ўварваньня звонку. Антырэзкасьць пэўным чынам ускладняе працэс успрыманьня, а дакладней, разумовага пазнаваньня выяўленага прадмета. Скрозь гэтую "ахоўную абалонку" здольныя пранікнуць адно толькі нашыя пачуцьці, якія так лёгка паддаюцца вабнай гульні натхненьня.

Секвенцыя "... и по съшествии святого духа, рекше по русалиих..." (*) не менш цікавая і неардынарная. Зьвяртаючыся да тэмы паганства, У. Парфянок сягае ў глыбіні нацыянальнай ментальнасьці, тайна якой сваімі каранямі ідзе ў дахрысьціянскія часы. Аднак аўтар не намагаецца ўвайсьці ў адну і тую ж раку двойчы. Гэтая работа -- спроба асэнсаваньня старажытнай культурнай традыцыі пластычнымі сродкамі сучаснага мастацтва, гэта -- шлях да ачышчэньня формы, да чысьціні канцэпцыі. Крайне лаканічна і выразна раскрываецца тут тэма старажытнага культу Сонца, кульмінацыя якога -- паганскае сьвята ў ноч на Івана Купалу, калі сплятаюцца ў адзінай сімфоніі боская Прырода і чалавечы Дух.

Фатаграфія У. Парфянка самапаглыбленая, рэфлексіўная. Яна не навязвае сябе глядачу, а толькі запрашае да сатворчасьці, абяцаючы багатую палітру перажываньняў нашаму розуму і сэрцу.

Усё, да чаго дакранаецца Сяргей Сукавіцын (нар. I960), напаўняецца жыцьцялюбствам і эротыкай. Назіраючы навакольнае жыцьцё праз крышталь пачуцьцёвасьці, мастак уцягвае нас у сьвет хвалюючых уяўленьне паверхняў і эратычнай гульні форм. Аўтар пачуцьцёва і ўсхвалявана здымае жаночае цела, з пікантным гумарам -- дэталі архітектурнага дэкору, даказваючы тым самым невычэрпнасьць эратычных асацыяцый. Але работы С. Сукавіцына не трэба ўспрымаць толькі павярхоўна і легкадумна. Як мне падаецца, у іх часта прысутнічае пэўная замкнёнасьць і доля самааналізу, якія вымагаюць не толькі сузіраць, але і разважаць. У адной з апошніх сваіх серый мастак распачынае вельмі шчыры дыялог з намі, выкарыстоўваючы ў якасьці аб'екта здымкі самога сябе. Камернасьць шматразова паўторанай выявы, эпатуючае разбурэньне дыстанцыі паміж аўтарам і гледачом пераўтвараюць працэс успрыманьня гэтай серыі ў акт узаемнага авалодваньня фотавыявы і гледача, прычым глядач не заўсёды ўсьведамляе гэта.

Андрэй Савіцкі (нар. 1971) -- вытанчаны эстэт. Прыгажосьць у ягоннх работах самадастатковая і адчужаная. Яна стварае загадкавы, недасягальны сьвет, які вабіць мудрагелістай мелодыяй паверхняў, паэзіяй далікатных колеравых суадносін. Кампазіцыі А. Савіцкага зьвяртаюцца да асацыятыўнага ўспрыманьня гледача. У іх адсутнічае дакладна акрэсьленая "драматургія", канкрэтыка семантычнага напаўненьня. І менавіта гэта разьнявольвае нашае ўспрыманьне, адкрывае магчымасьці для свабодных зносін з тым "паралельным сьветам", які стварыў аўтар.

Цікавым мне падаецца пошук мастаком вербальнага эквіваленту сваім работам. "EREDO", "ASKAWAD". "ЭКRIDОМ" -- сьпляценьне гэтых магічных гукаў, якое не мае паняційнай нагрузкі, стварае ў нашым уяўленьні своеасаблівы фанетычны аналаг выявы, узбагачае ўспрыманьне і вытанчана завяршае ствараемую аўтарам эстэтычную сістэму.

Серыя Уладзіміра Шахлевіча (нар. 1954) "Акт з партрэтам" падаецца адной з найбольш удалых у яго творчасьці. Мастак дасьціпна гуляе формай, балансуючы паміж прамалінейным аповядам і амаль падсьвядомай эратычнай асацыяцыяй. Міміка твару -- "міміка" цела, жэст рукі -- "жэст" пераплеценых паверхняў, узаемадзейных фактур -- гэта толькі некалькі правілаў захапляючай гульні. Колер тут прымітыўны і "фізіялагічны". І гэты факт толькі абвастрае парадаксальна-гульнявую сутнасьць гэтай серыі, вабячы гледача скрытым кантрастам непасрэднасьці і інтэлекту, вытанчанай эротыкі і грубай фізіялогіі, праўды і вымыслу.

Ідэя зьвяртаньня да фотаздымкаў сямейнага архіва, да ананімнай фатаграфіі мінулых гадоў не новая. Аднак у фотамастацтве Беларусі яна прыжылася на спрыяльнай глебе паглыбленага ўспрыманьня рэчаіснасьці і ўзбагацілася новымі нюансамі.

Характэрнай у гэтым сэнсе мне ўяўляецца творчасьць Ігара Саўчанкі (нар. 1962). Яго фатаграфія -- гэта Магія. Укараняючыся ў тонкую структуру часу, ён пераўтварае кожны жэст, кожны позірк у знак, складаны філасофскі код, разгадка якога растае ў Мінулым, пакінуўшы нам толькі невялічкі шанс Суперажываньня, ілюзію Прыналежнасьці. У немудрагелістых, трошкі наіўных фотаздымках мінулых гадоў I. Саўчанка знаходзіць тое Галоўнае, што напаўняе іх новым жыцьцём і "ўвівае" ў канву сучаснага сьветаўспрыманьня.

У адной з сваіх серый aўтap перакладае складаныя чалавечыя ўзаемаадносіны на мову жэстаў. Пакідаючы ў кадры толькі рукі персанажаў, ён дасягае незвычайнай псіхалагічнай вастрыні вобразаў. Рукі -- то безудзельныя і статычныя, то сьплеценыя ў складаным дыялогу -- пасьвячаюць нас у таемнасьць нявыказаных слоў і нягучна апавядаюць пра Вечнае... Рука, пакладзеная на плячо, альбо рука, схаваная за пазухай, -- жэсты, вельмі характэрныя для фатаграфій да- і пасляваенных гадоў, -- у работах I. Саўчанкі атрымліваюць новы сэнс. Яны робяцца прыкметай складанага, трагічнага часу палітычных рэпрэсій, не зьяўляючыся пры гэтым банальнай гістарычнай ілюстрацыяй. Дзякуючы аўтарскай інтэрпрэтацыі, гэтыя здымкі дасягаюць высокай ступені мастацкага абагульненьня, робяцца сімвалам гістарычнага вопыту, які пакінуў свой халодна-трывожны сьлед у некалькіх пакаленьнях.

Фізічныя зьмены, якія адбываюцца з паверхняй фатаграфіі з бегам часу, I. Саўчанка пераўтварае ў найвыразьнейшыя элементы выяўленчай мовы. Трэшчыны, драпіны, часта падкрэсьленыя аўтарам з дапамогай лакальнага колеру, становяцца ў яго работах сімвалам трансцэндэнтнага, праявай Вышэйшай Сілы, знакам Непазьбсжнага. Канцэптуальны сімвалізм мастака яскрава выяўляецца ў ягоных тэкстах, якія можна лічыць назвамі работ вельмі ўмоўна, бо вербальны рад, што суправаджае яго кампазіцыі, нясе не менш глыбокую сэнсавую нагрузку, чым непасрэдна сама фотавыява.

Я не думаю, што творчы падыход I. Саўчанкі зьяўляецца адно толькі спосабам уцёкаў ад рэчаіснасьці. Хутчэй гэта -- настальгія па неперажытаму, тая ілюзія, якая дапамагае выжыць у жорсткіх умовах сёньняшняй рэальнасьці.

Такое аблічча маладога фотамастацтва Беларусі. Углядаючыся ўглыб сябе, мы шукаем ціхага прыстанку ў тоўшчы Мінулага і не надта сьпяшаемся ў Будучае, каб не разгубіць па дарозе ілюзорную паэзію дня Сёньняшняга.

 

Красавік 1994 г.

Артыкул быў сьпецыяльна падрыхтаваны для каталога выставы "Новая беларуская фатаграфія", што адбылася ў верасьні -- кастрычніку 1994 года ў Сопацкай дзяржаўнай мастацкай галерэі (Польшча). Беларуская версія артыкула была надрукавана ў часопісе "Мастацтва". 1995. № 2.

(*)Назва серыі У. Парфянка "... и по съшествии святого духа, рекше по русалиих..." -- цытата са старажытнага царкоўнага твора (XII ст.) пра пост, сэнс якой у дадзеным выпадку адлюстроўвае трываласьць паганскіх традыцый у культуры славян. -- Н. К. [назад у тэкст].

 

 

 

 

вверх

публикации
валерий лобко. портфолио владимира парфенкагрант кестэр. погляд з захаду (бел.)валерий стигнеев. новая волна в фотографии россии и беларусивалерий лобко. фотография из беларуси • надзея кароткіна. новая беларуская фатаграфія (бел.) надзея кароткіна. lucida momenta (бел.) дмитрий король. заметки на краях листа фотобумаги

© 2002-2015 edited & designed by uladzimir parfianok