lucida momenta
Владимир Парфенок
индекс
биография
публикации
фотографии
ссылки
контакт
english
публикации
валерий лобко. портфолио владимира парфенкагрант кестэр. погляд з захаду (бел.)валерий стигнеев. новая волна в фотографии россии и беларусивалерий лобко. фотография из беларусинадзея кароткіна. новая беларуская фатаграфія (бел.)надзея кароткіна. lucida momenta (бел.) дмитрий король. заметки на краях листа фотобумаги

• lucida momenta
тэкст: надзея кароткіна (
1994)

 

Серыю Уладзіміра Парфянка "Lucida momenta"* можна ўспрымаць, ускосна карыстаючыся лексікай псіхіятрыі, як кароткачасовае прасьвятленьне ў штодзённай сьвядомасьці, пашкоджанай хваробай нарматыўнага ўспрыняцьця сьвету. "Lucida momenta" прапанye нашаму ўяўленьню адмовіцца ад павярхоўных стэрэатыпаў і прайсьці шматступеньчаты шлях да аўтарскага ego, перажыць з ім ягрную адзінокую гульню, поўную супрацьлегласьцей і парадоксаў.

Апрача іманентнай прысутнасьці аўтара ў кожным кадры, ён -- здымаемы аб'ект, рэальная дзеючая асоба дадзенай серыі, вызначальная частка выяўленай сітуацыі. Такім чынам, "Lucida momenta" перастае быць адно толькі рэфлексіўнай апеляцыяй да прадметнага асяроддзя, а зьяўляецца пранікненьнем аўтара ў сутнасьць самога сябе, пэўным набліжэньнем да Экзістэнцыі.

Сьвятло і цень тут не зьяўляюцца пабочнымі прадуктамі рэальнасьці, a ўвасабляюць сабой канфлІктуючыя пачаткі, якія ўмоўна можна вызначыць як optimus і pessimus, як Актыў і Пасіў. І тут мы сустракаемся з першым парадоксам: аўтарскае "Я" (Цень, pessimus) ныконвае АКТЫЎНУЮ формаўтвараючую функцыю. У той час як Сьвятло -- аптымістычны пачатак -- застаецца ПАСІЎНЫМ і падсьвядома-жаданым. (Ці не ў гэтым парадоксе схаваная гармонія супрацьлегласьцей?)

Владимир Парфенок.
"Lucida momenta". Секвенция из 8 фотографий (общий размер ~ 60 x 160 см.)

[ 1 ] [ 3 ] [ 5 ] [ 7 ]
[ 2 ] [ 4 ] [ 6 ] [ 8 ]

Пачуцьцёвая гульня пачынаецца з падспуднай цягі да круглага сьвятлівага аб'екта (1), з моманту своеасаблівага "паляваньня", якое завяршаецца ўяўнай перамогай (2). На зьмену ёй прыходзяць Асьцярожнасьць і Сумненьні. Цень страчвае свой дынамізм, сьціраецца вастрыня канфлікту, узьнікае ілюзія спакою і гармоніі (3-6). За ўяўным зацішшам -- грань паміж быцьцём і НЕбыцьцём, памежны стан Адзіноцтва. І, нарэшце, гульня спыняецца жэстам адмаўленьня і адчужанасьці (7, 8). Ego перамагае. Lucida momenta зьнікаюць, пакідаючы толькі фантом Прасьвятленьня ў чалавечай памяці.

Аўтар сьвядома грэбуе рэзкасьцю выявы, дасягаючы гэтым асаблівага за-чараваньня недамоўленасьці. Адсутнасьць празьмернасьці рэальнага ў фотавыяве -- яшчэ адзін парадокс гэтай серыі. Антыпарнаграфічнасьць мовы фатаграфіі У. Парфянка сутыкаецца з фрагментарным падыходам да кампазіцыі кожнага модуля серыі. Увага да фрагмента, да дэталі, з аднаго боку, і немагчымасьць іх разглядзець, уведаць да канца -- з іншага, -- у гэтай супрацьлегласьці, на маю думку, заключаецца галоўная вартасьць фатаграфічнага мысьленьня аўтара. "Lucida momenta" пераступае парог ад фізіялагічна-распазнавальнага да сакральна-недасягальнага. "Я" мастака набывае Свабоду ў момант Прасьвятленьня.

Знакі рэальнага сьвету даюць нам шанц зразумець гэта. Але нам не дазволена ўсё зразумець да канца.

Надзея Кароткіна

 

* Lucida momenta (лат.) -- сьветлыя моманты; як сьпецыяльны тэрмін -- кароткія прамежкі часу, калі ў псіхічнахворага аднаўляецца нармальнае мысьленьне.

Артыкул быў упершыню надрукаваны ў часопісе "Мастацтва". 1995. № 8 (Мінск).

 

 

 

 

 

вверх

публикации
валерий лобко. портфолио владимира парфенкагрант кестэр. погляд з захаду (бел.)валерий стигнеев. новая волна в фотографии россии и беларусивалерий лобко. фотография из беларусинадзея кароткіна. новая беларуская фатаграфія (бел.) надзея кароткіна. lucida momenta (бел.) дмитрий король. заметки на краях листа фотобумаги

© 2002-2015 edited & designed by uladzimir parfianok